У нас на сайте
Ссылки

 

 

Слуцк деловой - портал Капитал-маркет

 

 Покупай/Продавай на Capital-Market.by

 

SlutskGorod - информационный сайт Слуцка

 Услуги по выполнению работ автопогрузчиком Амкодор

 

Продажа, установка, ремонт, замена автомобильных стёкол

 

Краски, эмали, лаки, грунтовки, шпаклёвки для автомобилей

 

Запчасти, расходные материалы и аксессуары для всех популярных марок и моделей автомобилей

  

 

 

Благоустройство захоронений. Гранитные памятники

 

 

 

Военные мемориалы Беларуси

 

 

 

Ян Пятроўскі. Мэмуары

04.01.2014
Ян Пятроўскі. Мэмуары. Стагодзьдзе ў рэтраспэкце (1905–1945). Кніга першая. Слуцак – Гэйнсвільл, 1988. (Урывак. Арфаграфія захавана)

УСТУП
Я сяджу за пісьмовым сталом і пазіраю праз вакно. Яно знаходзіцца проста перада мною на ўсходняй сьцяне майго працоўнага кабінэту. Закрываю вочы, і думка мая бяжыць проста на ўсход.

Адсюль недалёка да Акіяну, таго самага Акіяну, глыбокія воды якога твораць бар'еру, што ляжыць паміж дзьвюма маімі бацькаўшчынамі – з аднаго боку, на Захадзе – Бацькаўшчына, якая адаптавала мяне трыццаць пяць гадоў таму, і родная мая Бацькаўшчына-Маці – Літва, Вялікае Княства Літоўскае.

Па-праз Акіян і краіны Заходняе Эўропы я ўваходжу ў думцы ў Польшчу, дзе, на восі Вільня-Варшава, правёў дваццаць сваіх юнацкіх гадоў. Цяперака, праз Беласток літоўскі, скуль па лініі Ваўкавыск – Ляхавічы ўваходжу на здаўна ведамую мне шашу, што вядзе проста ў Слуцак. Тут на дзесятай вярсьце перад местам затрымліваюся. Тут жыве сям'я Цэйкаў. Ці ведаеце вы Цэйкаў? Так, гэтая яны са сваім прыгожым і ўраджайным хутарам. Тут бо тое месца на хутары, дзе я, будучы хлапцом, правёў па-дзіцячаму радасныя і сумныя дні, якія назаўсёды засталіся ў маёй памяці.

Згэтуль, пасьля дзесяці вёрст маршу, уваходжу я ў Слуцак, у Слуцак маіх дзён, які тануў у зелені садоў і лепшых пладоў на сьвеце, як прадукт ураджайнае Случчыны. На правым баку ад мяне стаіць яшчэ Камерчаскае вучылішча, а далей на гэтым самым баку вуліцы над драўлянаю брамаю шыльд, які апавяшчае кажнаму, хто праходзіць, што тут знаходзіцца Типографія Яброва. Гэта хіба той самы Ябраў тут уласьнічаў, з сынам каторага калісьці ў Вільні працаваў я ў Жыдоўскім Шпіталю на Зьвярынцу: ён лекарам, а я – «памочнікам дворніка».

Якраз насупраць ябраўскае друкарні, на Цюрэмнай вуліцы відны збудаваньні: меснага вастрогу, для тых, што парушаюць права, і Гарадзкое Пажарнае. Гэта тут мы дзеці лазілі па вычышчаных і выглянсаваных пажарных вазох, што заўсёды чакаюць на пажар. I тыя самыя коні, што ў сумяціцы пажарнага агню падвозілі бочкі з вадою, калі гарэлі Трайчаны.

У думцы ўваходжу я на рынак. На левым баку: стаяць вазы з распрэжанымі коньмі – гэта сяляне зь вёсек папрыяжджалі, каб купіць сернікаў, газы і каламазі… А там за іхнымі вазамі ў дзьвярох крамкаў стаяць жыды, гатовыя са сваіх тавараў прадаць кажнаму патрабуючаму іх. На правым баку: радаўніцы і дробныя ўжо беларускія гандляры – хлеб, абаранкі, агародніна, садовіна… З-заду іх у вадным радзе стаяць будкі – сальнікавыя будкі.

На высокасьці Капыльскае вуліцы справа – Сабор, цэнтральнае месца духовага жыцьця грамадзян места. Ён стаіць высака на ўзгорку. А тут унізе, на рагу Капыльскае і Шашы або Раманаўскае, бачу аптэчную краму Карміна. Пераходзячы далей праз Капыльскую, сьпяшаюся, каб баржджэй прайсьці каля спажывецкае крамы Яхі, да якое часта з мамаю, вяртаючыся з царквы, заходзілі мы, каб купіць чаю і іншых прадуктаў спажыцьця. Згэтуль ужо, як рукой падаць, да Бычковае вуліцы. – Вось, і родны кут!

– Як там наш дом? – пытаўся я некалькікратна Апанаса ў лістох да яго.
– Я Табе ўжо некалькі разоў пісаў, што з нашага дому пасьля вайны нічога не асталося, – адказваў Апанас.
– Нічога не засталося? – думаў я.


Але я жыву тут тым «з чаго нічога не засталося» там. Бо тут яно усё яшчэ жыве!

Даўно, даўно гэта было, калі апошні раз бачыў я родны дом, а здаецца быццам учора. Колькі дарог! Колькі перажылося! Колькі гора і шчасьця, радасьці і сьлёз, упадку і ўздыму, змаганьня і працы…

Перада мною дзіцячыя гады. Падарожжы. Людзі і людзі… белыя, брунатныя, чорныя і жоўтыя… Думкі і думкі, выражаныя вуснамі, пісаныя, друкаваныя; ідэі, цьверджаньні і перакананьні, і веды; запярэчаньні цьверджаньняў, як выражэньне сумліву – гэтага штурханца, неабходнага для кажнага поступу і кажнае новае ідэі. Перада мною разгортваецца Нагорная Пропаведзь, пазьней сьвет Гэльленізму і новае думкі з новымі ідэямі і паглядамі; пераацэньваньне вартасьцяў, ведамых мне з галіны духа. – Увесь камплекс – Быцьцё, Адно.

Якое ўсё гэта дзіўнае, зусім непадобнае да таго, што пакінуў я там, на Бычковай вуліцы. А ўсё, знойдзенае тутака, неабходным ёсьць для майго духовага і народнага жыцьця. I ня толькі для мяне – для нас усіх, калі мы маем ацалець, як Усе. Я ня бачу нічога іншага, што можна было-б супроцьпаставіць пераконваючае падобнаму пагляду.


СЛУЦАК
Малая фармальнасьць.

«У мэтрычнай кнізе Слуцкага Сабору эа 1905 год у першай частцы адносна народжаных пад № 17 мужчынскага полу энаходзіцца наступны запіс: Тысяча дзевяцьсот пятага году студзеня 7 дня (1905 г. 7 студзеня) у мешчаніна места Слуцка Дзямяна сына Адама Пятроўскага і ягонае праўнае жонкі Юстыны дачкі Андрэя абодвух праваслаўнага веравызнаньня радзіўся і 7 студзеня 1905 г. ахрышчаны сын Ян. Хрышчонымі бацькамі былі места Слуцка мяшчаня: Ян сын Сымона Гурскі і панна Гэлена дачка Мікалая Андрусэвіч.

Тайніцу хрышчэньня завяршылі: Сьвяшчэньнік Лявонціі Наркевіч з псаломшчыкам-дзіяканам Мітрафанам Урбановічам. 1920 г. 6/24 травеня. Дакладнасьць гэтага гэтым пасьвядчаецца.

Настаяцель Слуцкага Сабору, Менскае Эпархіі,

Протоіерэй, /-/ I. Шэмецілло

Псаломшчык, /-/ Белагаловін».


Гэтак гучыць афіцыяльнае сьцьверджаньне прыходу чалавека на сьвет. З гэтае пары людзі праяўляюць зацікаўленьне адносна яго і новапрыбылы паступова пачынае цікавіцца людзьмі. Тут родзіцца ўдаемадачыненьне людзей, якое будзе трываць праз усё жыцьцё чалавека і якое, падобна да надвор'я, раз зіхаціць сонечным сьвятлом, а іншым разам праяўляецца з грымотамі ў непагадзь з дажджом.

На долю выпала мне радзіцца ў Слуцку на Школішчы. Школішчам тады (магчыма і цяперака) называўся адзін з чатырох кварталаў места ў паўночна-усходняй частцы Слуцку. Капыльская вуліца, што бегла з поўначы на поўдзень да Раманаўскае тады вуліцы (шаша), гэта заходняя мяжа Школішча; паўдзённая мяжа – сама шаша ў кірунку ўсходнім да невялічкага правага даплыву ракі Случ, званага Бычком, які тут крыжаваўся з шашою; згэтуль Бычком у напрамку сваіх крыніцаў, што знаходзіліся зараз-жа на поўнач за местам – гэта прыблізна ўсходняя мяжа. I далей, гарадзкімі, пераважна жыдоўскімі, агародамі мяжа бегла на паўночным скраю места, каб пасьля завярнуцца на захад і ўперціся тут зноў у Капыльскую вуліцу.

Назоў Школішча выводзіўся ад сынагогі – магчыма найбольшага будынку ў месьце, папулярна званага Школаю. Школа знаходзілася ў цэнтры Школішча. Апрача сьвятыні знаходзіліся ў ёй розныя памяшчэньні ўключна з крамкамі, у якіх мы, дзеці, часта куплялі капеечнае цаны тавары і кручкі на рыбу. На нашай вуліцы было шэсьць беларускіх хатаў і гэтулькі-ж, у розным часе, жыдоўскіх.

Наша сям'я ня была малою. Пасьля сьмерці бацькі, каторага я не памятаю, Маці, Гаспадарыня Юстына Пятроўская, была поўным аўтарытэтам у доме. Найстаршы брат, Апанас. быў усім нам, і братам, і бацькам, бо ён быў тым, каторы працавау сьлёсарам у Бязручкіна і пераважна працаю сваею карміў сям'ю. За ім, у чарговасьці веку, ішлі: Клемка (Клямэнты), Косьцік, каторы, пасьля сьмерці Клемкі, у 1912 годзе выэміграваў у Амэрыку. Пасьля ішлі: Наташа, Таня, Сьцёпа, Янка і Саша. Апошні пару гадоў перад Першаю сусьветнаю вайною памер на шкарлятыну.

Адрыс наш быў: Бычковая вуліца № 44, места Слуцак, мінскае губэрніі. У нас было тры дамы: Вялікі новы дом і дзьве старыя хаты. Новы дом быў выканчаны яшчэ перад сьмерцю бацькі. Дзяліўся на дзьве аснаўныя часткі: адна частка замыкала ў сабе чатыры пакоі, другая – крыху меншая – прасторную кухню і сенцы. У сенцы ўваходзілася праз прыгожы з дахам ганак. Наагул, увесь дом быў мадэрны. Напрыклад, з сенцаў, якія часта называлі пярэдняю, уваходзілася ў першы пакой праз асабліва мадэрныя дзьверы: дзьве паловы іх адчыняліся і зачыняліся рухам у два напрамкі, пры гэтым адна з паловаў ці дзьве разам рабілі некалькі рухаў перад тым як затрымліваліся ў сваей замкнутай пазыцыі бяз помачы звонку. Дах быў пакрыты гонтамі. Усё гэта гаворыць пра тое, што і майстры былі, каторыя ведалі, як падобнага роду дамы павінны былі быць будаванымі.

Мой бацька, Дзямян, займаўся шавецкім мастацтвам, тым самым мастацтвам, якое гэтак часта Плятон успамінае ў сваіх дыялёгах. I ў грунце рэчы, зрабіць пару ботаў ці чаравікаў, асабліва дамскіх чаравікаў, каб яны былі і прыгожымі, і выгаднымі для нагі, і моцнымі пры кажнай нагодзе, і ў кажных кліматычных умовах – трэба быць адумыслоўцам. I мой бацька быў гэтакім майстрам, каторы ўносіў свой пазытыўны ўклад у супольнасьць, сябрам якое ён быў.

Тое, што я чуў пра свайго бацьку – гэта, што ён, хоць і ня ведаў штукі чытаньня і пісаньня, быў чалавекам прадпрыняцьця і поўны ініцыятывы. Гэтак сама не апошняю прыкметаю ў яго было і тое, што быў ён добрым арганізатарам. Ён ведаў, як зграмадзіць каля сябе іншых майстроў і чаляднікаў. Ідэя пабудовы на тыя часы мадэрнага дому, сама ў сабе, ёсьць вельмі вымоўнаю. Змысл арганізатарскі, імкненьне да новых ідэяў і помыслаў, як і рэалізацыя іх – гэта прыкметы, як я думаю, я атрымаў па сваім бацьку.

Мая Маці была філёзафам, асабліва ўвыпадку, калі філязафічнае і рэлігійнае ўзаемна дапаўняюцца. Рэлігійны (неабавязкава царкоўны) мамэнт быў ў яе асноваю жыцьця. Яна ўмела чытаць і пісаць. Асабліва часта чытала эвангеле. Імкнулася ўплываць сваім паглядам на сям'ю і іншых і дзеля гэтага чытала эвангеле голасна, каб усе прысутныя чулі.

Часамі зьвярталася яна да мяне, калі я ўмеў ужо чытаць, і прасіла, каб я прачытаў ёй выбраную частку эвангеля, бо яна, як казала, ня добра бачыць. Я ведаў, што прычына гэтага была іншаю, але я сядаў і чытаў голасна. Карысьць была ўзаемнаю.

– Барані цябе Божа, – часамі зьвярталася яна да мяне, – каб ты ніколі не гаварыў брыдкіх словаў. – І голас яе я сягоньня яшчэ чую. Згэтуль, калі здаралася, што знаходзіўся я ў васяродзьдзі людзей, дзе мужчыны пачыналі апавяданьні пра свае брыдкія практыкі зь дзяўчатамі, я выходзіў з гэткае кампаніі.
– Глядзі, каб ты ніколі ня краў.
– Калі знойдзеш згубленую рэч, трэба вярнуць яе.
– Глядзі, каб ты ніколі ня хлусіў.
– Барані цябе Божа, каб ты ніколі ня курыў.


Уплыў маці на мяне быў сільны і выціснуў у маім жыцьці глыбокі знак.

Сягоньня я прыпамінаю сабе нашыя гутаркі пазьней, ужо ў Вільні. I хоць яна часта не згаджалася з маімі паглядамі на царкоўніцтва, я спасьцерагаў, як яна зьіначвалася ўся ў слух, каб чуць, як яе сын, калісьці маленькі хлопчык, цяперака падрос і выказвае думкі, якім трудна і ня трэба пярэчыць.

Сьвет, у якім я жыў дома, быў вялікім сьветам, што найменей гэтакім ён мне выдаваўся тады. Напоўнач ад Бычковае вуліцы, перайшоўшы ўпапярок Падвальную (?) вуліцу, тут-жа распасьціралася за агародамі шырокая далячыня з разьлеглым абшарам хлебных палёў суседніх вёсак з сенажацьцямі, паложанымі бліжэй да вытокаў Бычка. Направа за гарадзкім выганам знаходзіліся могілкі – месца частых нашых наведваньняў, на якіх хаваліся нашыя блізкія і далёкія сваякі; на захадзе – даходзіў аж да Сьвятатроіцкага манастыру на канцы Манастырскае вуліцы. Часамі ішлі мы, малыя дзеці, па грыбы ў Граду – бярозавы прыгожы лес – або лавіць ракі недзе далей на раку Случ, але дзе дакладна гэтыя месцы былі, я ня ведаў тады і ня ведаю сягоньня. Памятаю толькі, што рака там была значна вужэйшаю ад тае шырыні каля Збаравога мосту або Млыновага, што знаходзіліся ў месьце. Каля Збаравога мосту мы лавілі келбы вельмі сумліўнымі вудачкамі, якія мы рабілі самыя і, адзін ад аднаго атрымлівалі першыя лекцыі плаваньня, вучачыся перабіраць рукамі ў вадзе, «як робяць гэта сабакі». Была гэта ціхая пара дзіцячага жыцьця і першых уражаньняў.

Я мушу падчыркнуць тут тую сузгоднасьць у нашай сям'і, якую назіраў я зь першых дзён сваіх і да апошняга дня нашага супольнага і расьцярушанага жыцьця. Ніколі ня было сваркі дома, ніхто нікога ня крыўдзіў, ня хлусіў і не ашукваў. У гэтым гарманійным жыцьці можа крыцца адмоўны пачатак. Калі чалавек гэтак узгадованы, выходзіць у шырокі сьвет, ён ня мае даволі вострага змыслу быць асьцярожным, ён не здагадваецца хутка, што могуць быць людзі, каторыя будуць старацца падставіць яму нагу, ашукаць яго, і часта скрыўдзіць.

Ён часта адчыняе гасьцінныя дзьверы для чалавека, не падазраючы зусім, што ён упускае ў свой дом правакатара, каторы з тою адзінаю мэтаю прыходзіць, каб з накінутае гутаркі цяперака, рабіць паклёп заўтра. Або наадварот, ён сам, будучы запрошаным, пераступае парог дому, у якім ужо на яго расстаўлены сеці найгоршых замераў і злое волі. Гэткім я быў, калі пазьней кіраваны найлепшымі пачуцьцямі, выходзіў у новы і чужы мне сьвет. Часамі да гэтага далучалася арыгінальная інтэрпрэтацыя тае ці іншае праўды; або нясьведамасьць тае рэчы, што кажная неадказваючая праўдзе нэгатыўная вестка пра цябе і пачутая табою, не павінна быць пакінутая без адказу, але тут-жа на месцы рашуча запярэчанаю мае быць табою. Падобнае нешта здарылася са мною некалькі месяцаў перад Другою сусьветнаю вайною ў Варшаве. Правакацыя з боку тых, з каторымі ламаўся я хлебам за супольным сталом, шавінізм і няздольнасьць кіраўніцтва, хутка ўжо ў першых днях вайны абярнулася ў разьдзьмуханае полымя, якое крыху пазьней выкінула мяне і іншых з Варшавы на непатрэбнае вандраваньне і падарожнічаньне з аднаго краю ў іншы гэтак доўга, аж, пасьля глупага змаганьня з магутнымі гэтага сьвету, асеў я, ужо са сваею сям'ёю, у Злучаных Штатах. Гэтым узьнік канфлікт, у выніку якога на працягу 49 гадоў напісана два аграмадныя томы дакумэнтаў, якія адлюстроўваюць перажываны час, дзеючыя інстытуцыі і характары, часта промінэнтных людзей. Жар гэтага канфлікту яшчэ і сягоньня дрэмле пад гарачым попелам упярэджаньня.

Калі сягоньня, азіраючыся на пройдзены цярністы ў гэтым дачыненьні шлях, я магу мець пачуцьцё дазнанае крыўды, тады ўраўнаважваецца яно этычным аспэктам, зь якім Плятон у дыялёгу «Горгіяс» зьвяртаяцца да нас і кажа:

Я не згаджаюся, Кальліклес, што быць выбітым па твару несправядліва, зьяўляецца найболей ганебнаю рэчаю на сьвеце; гэтаксама не зьяўляецца гэтакаю рэчаю папасьці ў рукі ліхадзеяў або быць абакрадзеным з маемасьці ці нават панесьці шкоду на целе, не, біць і рэзаць несправядліва мяне і маіх блізкіх, зьяўляецца болей ганебнаю рэчаю і горшаю. Грабіць, прадаваць у няволю, уломлівацца ў мой дом і наагул чыніць якую-небудзь несправядлівасьць адносна мяне ці маіх блізкіх – вось што зьяўляецца найболей ганебным і горшым для таго, хто гэта чыніць, чымся для мяне, каторы церпіць з гэтае прычыны.


Адзін з найболей раньніх маіх успамінаў адносіцца да часу, калі я быў дзіцем яшчэ ў пялёнках. Памятаю – знаходжуся я ў нейкім большым пакоі. Мне цяжка і сумна. Мучуся зь дзьвюх прычынаў. Першая – гэта цьмяны і пануры вобраз. Я гляджу ў кут пакою. Затым, што вобраз стаіць перад маімі вачыма, я бачу яго. Нешта поўзае там, нешта жывое і страшнае. Другая прычына выплывае з таго, што я хачу адвярнуцца ад гэтага вобразу, але я не магу павярнуць галавы. Я стараюся павярнуцца тулавам, хай сабе зрабіць хоць малы рух, але я не магу, нешта трымае мяне. Я хачу зрабіць рух рукамі, каб памагчы сабе і я ня маю сілы, каб перамагчы тое, што трымае мае рукі. Я памятаю, хачу зрабіць рух нагамі, пачынаючы ад тулава і праз калені ўніз, але я не магу зрабіць і гэтага руху. I я мучуся.

Гэтакі першы ўспамін астаўся ў памяці на ўсё маё жыцьцё. Я часта ў памяці вяртаўся да яго, хацеў неяк расталкаваць, што-б гэта магло быць або што магло-б значыць. Часамі наведвала мяне думка, што гэты вобраз мае нейкае павязаньне з маім жыцьцём, што стаяла перада мною. Але падобная думка, хоць і вярталася, я адсоўваў яе, як нерацыянальную.

Пазьней, у меру адукацыйнага поступу і жыцьцёвага дасьведчаньня, калі што-раз часьцей спатыкаў я ў друку і гутарках лекараў, каторыя зьвярталі маю ўвагу на той факт, што традыцыйнае спавіваньне дзяцей, якое гэтак акуратна перасьцерагалася ў нас на Беларусі, ня ёсьць здароваю практыкаю, што спавіваньне перашкаджае натуральнай цыркуляцыі крыві ў арганізьме і шкодным можа быць для здароўя дзіцяці. Лекары што-раз болей заахвочвалі маладых матак і бабак, не спавіваць дзяцей, а дазволіць ім расьці і фізычна разьвівацца ў сузгоднасьці з правам натуры.

Гэтыя і падобныя інфармацыі прывялі мяне на думку, што вобраз гэты быў першым успамінам з раньняе пары, калі я быў спавіваны, а сам зьмест вобразу мог быць вынікам спавіваньня.



СКУЛЬ Я?
Я думаю, было гэта ў вадным з маіх ранейшых дзіцячых гадоў. Аднойчы знаходзіўся я ў нашым двары. Быў цёплы летні дзень, які можа быць у нас ужо ў вапошніх днях чырвеня. Я стаю. За мною наш дом, перада мною Тодарава хата, безваконная сьцяна якое тут-жа мяжуецца з нашым дваром. Я ўзіраюся на дах хаты, што перада мною. Нейкім ён мне выдаецца дзіўным. Сіла і характар майго ўспрыйма зьяўляюцца новымі. Усё тое, што я цяпер бачу, бачу першы раз. Як дзіўна! Першы раз у жыцьці! Я бачу ня толькі дах, але разам зь ягонымі абрысаваньнямі бачу дэталі, зь якіх чуць прызелянелы выступае мох. Дах лучыцца з хатаю. Хата лучыцца з зямлёю, як і ўсё іншае, што знаходзіцца на зямлі. Усё гэта палоніць маю ўвагу: Усё гэта стаіць тут, на гэтым месцы? Вочы мае з даху ўздымаюцца вышэй – я бачу блакітнае неба і прыгожае. I я гляджу на яго, бачу яго першы раз, толькі-што ўгледзеў першы раз у маім жыцьці. Неба? – Такі аграмадны абшар – далёкі і глыбокі ўва ўсе напрамкі. Гэта неба?… I там далёка на небе сонца, на якое я не магу глядзець, але я чую на сабе, як яно грэе мяне, яно на маей галаве, на маіх плячох, на маім твары… Як цёпла ад яго. О, як добра, цёпла і прыгожа, радасна… Далей налева, наўскос над Бычком зелень і зелень, зелень дрэваў, кустоў… Зелень жыве? рухаецца, бо жыве, і жыве затым, што рухаецца… Павяртаю галаву назад, хаця-б наглядзецца першы раз, і бачу праз вуліцу дрэвы вішняў.

А тут, каля мяне гэтая баба над калодзісем. I ў мяне глыбака і падсьведама ўрэзваецца ўяўленьне ў тым сэнсе, што ўсё, што я цяперака бачу, бачу першы раз. Гэтак, як першы раз бачыць глядач на сцэне цэласьць і дэталі вобразу, калі ўздымецца заслона. Гэта ўсё тут?! Скуль гэта ўсё? Коўзаючыся зрокам і з тым самым пытаньнем па прадмэтах і рэчах, якія я бачу, мая ўвага кіруецца на мяне самога. I раптам пытаньне: Скуль я?. I, ня могучы адказаць на пытаньне, я хутка павяртаюся назад і, праз ганак і сенцы, сьпяшаюся да мамы. Хутка ўваходжу ў кухню.

– Мама! Скуль я?!

Маці стаяла пры вакне каля стала, занятая падрыхтоваю да печы. Не адрываючыся ад працы і, ня гледзячы на мяне, адказала:

– Зь бярозавага палена.

– Зь бярозавага палена?. – думаў я.
I ў мяне хутка ў памяці прабягаюць вобразы з ужо награмаджанага дасьведчаньня. Выступае вобраз бярозавага палена. Яно шурпатым ёсьць і часта з сухімі большымі і меншымі стромкамі, да якога я дакранаюся асьцярожна і памалу, каб не пакалечыць пальцаў і параўноўваю яго са сваім целам і ня бачу ніякага павязаньня паміж мною і паленам. Неперакананы і задуманы выходжу памалу назад на двор, заліты цёплым сьвятлом і радасным жыцьцём, тым самым жыцьцём, якое я адчуваю ў сваім целе.

Сягоньня, калі я прыводжу на ўспамін гэтае здарэньне з маіх раньніх дзіцячых гадоў, дзіўлюся, дзе ляжыць прычына, што я мог упасьці на гэткае пытаньне, на якое ані я, ані мая мама, каторая ўсё ведае, ані пазьней у жыцьці ніякі чалавек на сьвеце і ніякае пісанае слова ўва ўсіх кнігах сьвету, з раньняе пары і да сягоньня, ня мае адказу. Сумна, а мо і добра гэта. Прыпамінаюцца толькі словы чалавека, каторы стварыў эпоху, названую ягоным імем – Вольтэра, каторы, ідучы праз жыцьцё, гэтаксама пытаецца і не знаходзіць належнага і разумнага адказу на гэтае самае пытаньне і кажа: Я ня ведаю скуль я прыйшоў, куды я іду… або чым я стануся.

Аднойчы летам надыйшла вестка, што хлапец, із зродненае з намі сям'і, утапіўся ў рацэ. Сям'я жыла на Востраве. (Востраў быў, як мне тады здавалася, ні то прадмесьце Слуцку, ні то вёска, паложаная каля места). Усе нашы ішлі адведваць у горы людзей і, ня могучы пакінуць мяне аднаго дома, узялі з сабою. Памятаю, што я быў малы. Каля хаты і ў хаце было шмат людзей. Людзі ўсе дарослыя і высокія, а я малы, блізкі да падлогі. Як мне здавалася, ніхто мяне не спасьцерагае. Я ня маю з кім гаварыць і ніхто не гаворыць да мяне. Пасьля нейкага часу надварэ пачало цямнець і мне чамусьці здалося, што я мушу ісьці дахаты і, ня могучы знайсьці сваіх, пайшоў адзін. Надварэ ўжо зусім сьцямнела, а далей – і зусім цёмна стала. Праўдападобна ёсьць у жывёлы нейкі інстынкт, што, калі набліжаецца ноч, трэба быць у сховішчы і, праўдападобна, у сваім прывычным сховішчы, якое чалавек называе хатаю, сваею хатаю. Ведзены нейкім інстынктам, ішоў я наперад. I я ішоў. Было цёмна і я быў адзін. Хутка я пазнаў Шкляную вуліцу, пасьля ў цямніні вырысаваўся Бычок. Цяперака я ведаў, што хутка будзе нешта падобнае да мосту – два бярвеньні праз Бычок вывядуць мяне на другі бераг гэтак, што тут-жа перад берагам, пад простым кутом, павядуць налева, а пасьля выгнутым паваротам направа, гэтыя самыя два бярвеньні, вывядуць мяне на Падвальную вуліцу, а згэтуль я ўжо ведаю дзе наша Бычковая вуліца. А калі на Бычковай, дык я ведаю дзе наш дом. Былі гэта добрыя часы, калі малы ці вялікі чалавек, ніколі не патрабаваў баяцца чаго-небудзь ці каго-небудзь.

Аднойчы падвечар стаяў я на вуліцы, тут-жа каля нашага дому. Нехта падыйшоу да мяне і, паказваючы пальцам у напрамку паўночнага неба вышэй над гарызонтам, сказаў:

– Глядзі, вунь камэта Гальлея.

Я павярнуўся тварам на поўнач і ўбачыў на небе паралельна да гарыэонту нешта яснае ў хворме даўжэйшага веніка. «Венік» сваею галавою парушаўся, праўдападобна, тым самым рухам, якім парушаюцца Сонца і Месяц, рухам, неспасьцярожным для вока ў напрамку з Захаду на Ўсход. Камэта Гальлея? – думаў я. Было гэта дзіўнае нештодзеннае зьявішча для мяне. Я стаяў даўжэйшы час і глядзеў. Я адчуваў падсьведама, што гэтая камэта – гэта нейкая новасьць. Я застыў стоячы і глядзеў, каб наглядзецца, бо заўтра ня будзе камэты тутака. Прыпамінаю гэтае здарэньне цяперака, і не магу знайсьці сабе адказу на пытаньне: Хто ў нас тады, на Школішчы мог ведаць пра гэтакую рэч як камэта і тое, што гэтая камэта – гэта камэта Гальлея?

Сягоньня, калі тут, у Злучаных Штатах, як і на ўсім сьвеце, гэтак многа гавораць пра набліжэньне да зямлі камэты Гальлея, даведваюся я, што гэтая самая камэта была калісьці бачаная мною ў нас на Школішчы ў 1910 годзе і, што мне было тады 5 гадоў.

Тое, што я спасьцерагаў, пачынаючы ўжо зь дзіцячых гадоў, гэта характэрная рыса даверра ў галіне эканамічнага жыцьця і ў заемадачыненьнях між людзьмі. Я памятаю, аднойчы прыйшоў да нас на панадворак нейкі чалавек, каторага звалі Кастусь Кульгавы (ён кульгаў на адну нагу). Быў гэта крэдытар нашага бацькі. На маё пытаньне, чаго ён прыйшоў, маці адказала, што прыйшоў ён па працэнты, і гэта гаварыла мне, што нейкія грашовыя справы меліся тут на ўвазе. Кажучы гэта, маці выйшла на панадворак і дала яму ў руку нейкую залатую манэту. Усе падобнага роду транзакцыі адбываліся на падставе характару, сумленьня і высокае маралі ўдзельнікаў, часта бяз сьведкаў, бяз ніякіх падпісаў ці нечага падобнага. Цяперака, успамінаючы пра гэта, я магу сказаць, што тут мела месца адсутнасьць тэхналягічнага разьвіцьця і прысутнасьць далёкасягаючае чэснасьці людзей і датрымліваньне ўласнага слова.

На працягу ўсяго майго жыцьця я не дасьведчыў і ніколі ня чуў, каб хто-небудзь з нас, беларусаў, пазычыў грошы ці што-небудзь узяў напавер і не зьвярнуў або не заплаціў. Магчыма, што хто-небудзь або калі-небудзь дасьведчыў адваротнае, дык пацьвярджала-б гэта толькі тую праўду, што няма рэгулы бяз выняткаў. Наш народ ёсьць добрым народам як і чэсным з прыгожым характарам.

Магчыма, за добрым ёсьць.

Нацыянальнае прабуджэньне прыходзіла паступова.

Зараз на пачатку Першае сусьветнае вайны наш дом быў вызначаны гарадзкою ўправаю, як свайго роду гатэль для афіцэраў расейскае арміі, пасьля таго, як недалёка на захадзе ад Слуцка ўстабілізаваўся фронт. Для малога хлапца быў гэта праўдзівы парад дагэтуль нябачанага войска, выстроенага і багата апранутага рознага веку, ад маладзенькіх прапаршчыкаў пачынаючы, і да старых палкоўнікаў, гэтак пяхоты, як і конных частак. З выбухам рэвалюцыі ўвесь гэты вобраз шчэз.

У часе першых месяцаў кераншчыны ўправа яшчэ час ад часу прысылала людзей на начлег, але былі гэта ўжо цывільныя людзі.

Аднойчы ў гэтым часе я быў сьведкам гэтакае сцэны: Адзін з пакояў займаў нейкі мужчына. Быў ён хвараблівы крыху і пераважна ляжаў у ложку. Аднойчы ён папрасіў чаю. Калі маці падала яму чай і ледзьве перайшла ў іншы пакой, дзе я стаяў і не зачыніла яшчэ дэьвярэй, як ён азваўся да мамы:

– Иустына Андреевна, кто вы будете?
– Мы рускія, – адказала маці.
– Нет, – адказаў ён, – не русские, вы – беларуссы.
– А хто яго ведае, – заўважыла на гэта маці, – мы рускае веры…

Сцэна гэтая асталася ў мяне ў памяці аж да сягоньня. Тады я першы раз пачуў, што мы беларусы.

Хутка пасьля гэтага, усё зьіначылася ў нашым доме. Цяперака ў наш дом хлынула беларуская моладзь, што вучылася ў школах. Былі гэта пераважна ў розным веку хлапцы і дзяўчаты з хутароў. За ўтрыманьне і кватэру плацілі яны, ці ляпей сказаць, іхныя бацькі, харчавымі прадуктамі.

Хоць і была гэта беларуская моладзь, я ня памятаю, каб хто-небудзь зь іх кіраваўся беларускаю матывацыяю. Я ніколі ня бачыў беларускага падручніка ў іх. Праўда, было гэта ў першых якіх-небудзь васемнаццаці месяцах рэвалюцыі. – Адзін вучаньу маім веку, Франціс (брат Міхася – па локаць бяз рукі ад нараджэньня – і Лук'яна) памятаю вучыў верш напамяць, які пачынаўся словамі: Jutro moje, jutro. – Я ўзіраўся на яго і дзівіўся, што ён чытае нейкія літары, якіх я не разумею і бачу першы раз. Сягоньня я здагадваюся, што Франціс належаў да шляхэцкае сям'і, якая па дарозе: праваслаўе – вунія – каталіцызм – польская вера – стаецца ў нас польскім элемэнтам. Быў у Слуцку, як казалі тады, польскі касьцёл, на плябані якога праўдападобна Франціс вучыўся пра сваё jutro і цураўся з часам беларускасьці.

Аднойчы вечарам сузграмадзіліся мы ўсе ў кухні. Лук'ян, старэйшы брат Франціся і вучань гімназыі, голасна для прысутных чытаў казкі. Хоць казкі чыталіся па-беларуску, аднак акцэнт клаўся на смешнасьць апавяданага.

Восеньню 1919 году выехалі мы – маці, дзьве сястры і я, як думалі тады, на кароткі час у Вільню. Здарылася гэта пасьля таго, як усё, што вымененым магло быць, было выменена на хлеб. У гэтым часе польскія легіёны акупавалі гэтую частку нашае тэрыторыі, і адпаведныя акупацыйныя ўлады выставілі свайго роду пропуск на пераезд. У гэтым пропуску гаварылася, што мы беларускае нацыянальнасьці. Праўда, чытаў я гэты дакумэнт некалькі гадоў пазьней, пасьля таго, як навучыўся чытаць па-польску.

У Польшы пражыў я да часу выбуху Другое сусьветнае вайны. Пасьля жыў у савецка-летувіскай Вільні. Пазьней жыў у Нямеччыне, Аўстрыі, а ў 1953 годзе прыбыў, ужо са сваею сям'ёю, у Злучаныя Штаты. Ведама, гэта ня было плянаванае вандраваньне, яно баржджэй было рэзультатам шалёнасьці чалавека, каторы трымаў уладу ў васяродзьдзі заходня-эўрапэйскае цывілізацыі.

Усюды, дзеколячы я жыў маім першым абавязкам было мець на ўвазе дабро мае Бацькаўшчыне.


ШКОЛІШЧА КОЛЕРНЫЯ МАЛЮНКІ
Школішча – гэта, фактычна, гэтто, толькі ў маім часе мы ніколі ня чулі гэтакага слова. Вэбстэр у сваім слоўніку кажа, што гэтто – гэта «Квартал места, заселены бяднейшаю клясаю жыдоўскага насельніцтва». I запраўды, жылі тут бедныя жыды, каторыя часта пагардліва называлі самых сябе шнорарамі. Слова «шнорар» значыць гэтулькі што бедны, занядбаны. Беларусы, каторыя жылі тут у гэтым дачыненьні, ня шмат розьніліся ад жыдоў. Паміж аднымі і другімі ня было ніякае большае лучнасьці, гэтак як і ня было ніякае варажнечы. От жылі сабе людзі – і ўсё.

Я канчаю сваю характэрыстыку суадносінаў між намі і жыдамі і кажу, што вось людзі жылі сабе і ўсё. Але гэта ня ёсьць усё.

Калі мы жылі гэтак абыякасна і, калі іхныя праблемы не пакрываліся з нашымі, дык нешта было, што, як перашкода, ляжала між намі.

I гэтую «перашкоду» між намі я бачу ў факце культурнае няроўнасьці. Бо толькі роўнасьць трымае сілы ў роўнавазе. I няхай сабе па тым баку ці іншым узьнікае хоць і малюпаценькая, але ўсё-ж няроўнасьць, як зараз-жа паказьнік вагавага інструмэнту дэманструе, што роўнасьці між імі няма. Сіла няроўнасьці культуры выкліквае крыўду для адных і здаволеньне для іншых. Часта на тэлівізыйным экране я бачу як леў ходзіць побач слана і між імі ўтрымліваецца роўнавага жыцьця. Але пантэра ня будзя хадзіць абыякасна каля сарны і сарна ня будзе спакойна захоўвацца ў прысутнасьці тыгрыса. У першым выпадку сілы ўроўнаважаны, але ў другім – закаламучаны з прычыны прысутнасьці няроўнасьці сілаў.

Вось гэта, нешта няўхвытнае для першага позірку стаяла паміж намі і юдэйскімі жыхарамі Школішча. I гэтая самая зьява знаходзілася і знаходзіцца ў васяродзьдзі іншых народаў: Роўныя палітычныя сілы існуюць побач сябе, тады як пры наяўнасьці няроўных сілаў, слабейшыя падпарадкуюцца і падпарадкоўваюцца сягоньня сільнейшай.

Нашыя людзі ў бальшыні выпадкаў ня ведалі «штукі з заломам», тады як кажнае жыдоўскае дзіцянё хадзіла ў хэйдар і вучылася, і яшчэ раз, вучылася чытаць і пісаць.

Мы, як граматная нацыя, выступілі на міжнародную арэну толькі ў пары, калі два граматныя грэкі прыйшлі да нас і пачалі пашыраць сярод нас альфабэт. I гэтае, што мы кажам пра беларускі народ, мы можам спакойна сказаць пра кажны іншы славянскі народ. Было гэта прыблізна каля дзявятага стагодзьзя нашае эры, тады як жыды, каторыя пачалі пранікаць да нас у пары найбольшага насіленьня прасьледу гішпанскае Інквізыцыі, прыходзілі з доўгавяковаю культураю, нясучы з сабою аграмадную бібліятэку пісаных пэргамінаў са сваімі законамі і таго багацьця, ведамага нам толькі як – Тальмуд.

Факт гэты павінен стацца добрым паказчыкам для тых з нас, каторыя ахвочымі зьяўляюцца пазнаць гісторыю ўласнае культуры, і чаму, прыбыўшыя да нас жыды, хутка спасьцераглі, у васяродзьдзі якіх славянскіх людзей яны знайшліся. Перавага іхная пачала праяўляцца ў рознароднейшых праявах нашага, беларускага і іхнага, жыдоўскага, штодзеннага жыцьця.

У нашым адным вельмі старым доме, які стаяў на фронце і тут-жа пры самай вуліцы (дамы ці хаты тады будаваліся без плянаваньня), жыла жыдоўская сям'я фактычна, муж і жонка. Ён называўся Алтэр, яна – Хайка. Былі яны, магчыма, у пяцідзесятых гадох свайго жыцьця. Нейкі час жыў зь імі іхны сваяк з чыста расейскім імем – Андруша. Іхныя дзьверы на двор і ўваход на наш ганак знаходзіліся побач сябе. Гэтакая наша блізіня дазволіла мне назіраць жыцьцё нашых кватарантаў.

Андруша нядаўна вярнуўся з Расейска-японскае пайны, як стопрацэнтны інвалід. Быў ён цяжка раненым і згубіў дзьве нагі аж па тулава. Фізычна, ён – гэта тулава з рукамі і галава. Хадзіў ён гэтак, што ў кажнай руцэ трымаў нешта падобнае да мулярскае прылады, якою муляры выгладжваюць на сьцяне сьвежа накінутую вапну. Трымаючы гэтыя дзьве прыладзіны, Андруша выстаўляў наперад свае рукі і, апіраючыся на падлогу з пахіленьнем наперад, падцягваў за сабою сваё тулова. I гэткім спосабам рабіў рух наперад. Натуральна, гэтакі рух зьяўляецца марудным, але Андруша прызвычаіўся з часам да свае долі, і даволі хутка і жыва «хадзіў». Андруша заўсёды чыста апранаўся ў доўгую да падлогі зашчытнага цвету, як тады казалася, расейскую рубашку, і заўсёды з георгіеўскім крыжам на грудзёх, заўсёды прычэсаны і зь ветліва ўсьміхнутым тварам. Ня гледзячы на сваё ўвечча, быў ён жыцьцярадасным. Кажны месяц ён атрымліваў сваю дажывотнюю пэнсыю.

Хайка была варажбіткаю. Усіх варажбітак было трох, але Хайка ўважалася за найлепшую.

У нядзелю, пераважна жанчыны і маладзіцы зь вёсак, прыходзілі зрана да Хайкі. Працэдура варажбы адбывалася вельмі проста. Калі раніцаю, яшчэ да абедні, зацікаўленыя сваею будучыняю кліенты, уваходзілі ў хату, яны звычайна знаходзілі Хайку занятаю каля печы. У печы пылаў агонь, варыліся стравы. Гасьцей прасілі садзіцца на лавы, што стаялі каля двух вакон і пачакаць крыху, пакуль варажбітка ўправіцца каля печы. Алтэр у гэтым часе выконваў функцыю гаспадара дому, хадзіў пасярэдзіне хаты і пачынаў з прыбылымі гутарку. Ня было гэта прыпадкавым. Калі Алтэр гаварыў з жанчынамі, Хайка прыслухоўвалася таму, што людзі кажуць і гэткім спосабам даведвалася, што ў кажнага з прысутных ляжыць на сэрцы. Алтэр быў чалавекам павольнае натуры і часта не пасьпяваў хутка знайсьці новае тэмы, тады Хайка зьвяртала яму ўвагу і загадвала, па-жыдоўску, каб гаварыў далей.

Сама варажба праводзілася вельмі проста: Хайка сядала за стол з калодаю картоў у руцэ. Па чарзе падыходзілі кліенты. Гэтакаму ці гэтакай варажбітка загадвала зьняць карты, як хто хоча. Калі гэта было ўчынена, Хайка загадвала жанчыне на верх перазьнятае карты палажыць грошы, як плату за сваю паслугу. Пасьля гэтага Хайка пачынала гаварыць, ці, скажам, варажыць. Звычайна яна гаварыла, што:

– У вас вялікае гора, – або проста – гора. – Гэта можна заўсёды сказаць, бо людзі, каторыя пераступаюць парог гадалкавае хаціны, схільнымі зьяўляюцца болей думаць, што яны маюць гора, чымся нешта супроцьлежнае гэтаму стану. Або:
– У вас на думцы чалавек, які жыве ў далёкім краю. Чакайце на добры ліст з далёкага краю, – маючы на ўвазе Амэрыку, у якую выехала шмат людзей, казала яна іншым. Яшчэ іншым казала:
– У вас быў пажар. – Гэта пераважна тады, калі ў мінулую пятніцу ці сыботу відно было вечарам чырваная неба там у кірунку недзе Лушнікоў. Іншым яна магла асьмеліцца сказаць, што
– Ён цябе любіць, ці нешта падобнае, – калі супроць яе сядзела маладая дзяўчына.


Наагул усе яе прадказваньні канчаліся сказам, поўным спадзеі і аптымізму. Можна думаць, што па гэтае апошняе і прыходзіла ейная кліентэля.

Ня трэба думаць, што толькі адны селяне былі наведвальнікамі Хайкі. Шматлікія з афіцэраў, каторыя ў нас затрымліваліся па дарозе на фронт, гэтаксама хілком падвечар апранутыя ў багатую ваенную вопратку ўвальваліся, праз вузкія сенцы і для іх нізкія дзьверы, да Хайкі. Ува ўсіх у іх на думцы быў наперадзе фронт, немцы, нямецкі сьмяротны агонь, акопы… З-заду, усе дарагія зь сям'і і тыя каторых яны любілі. Хайка, цёмная брунэтка зь лёгка выступаючым і сагнутым носам, апранутая ў найлепшую сваю колерную вопратку з бусамі, спатыкала нештодзенных адведвальнікаў. Гэтыя апошнія, як і Хайка, спатыкаліся з поўным сэрцам трывогі. Афіцэр падыходзіў паважна, каб пачуць, магчыма, найболей важнае ў жыцьці слова, а Хайка натужвала ўсе свае духовыя сілы, каб знайсьці тое слова, якое-б найляпей адказвала ваеннаму часу і людзкаму спадзяваньню.

Галоўнае заняцьце Алтэра знаходзілася на іншым месцы. Быў ён катарыншчыкам, іграў на змэханізаваным музычным інструмэнце, які ўводзіўся ў рух пры помачы корбы. Выгрываліся мэлёдыі, пераважна старых расейскіх песень, якія паўтараліся. Такая катарынка мела адну нагу і пераносілася на плячох зь месца на месца. Алтэр гэтаксама меў кампаніёна, каторы выгрываў пераважна скочныя мэлёдыі. У такт да гранае мэлёдыі, пры помачы пэдальнага мэханізму ўводзіў ён у рух барабан, які супачываў на плячох у яго і бляхі на барабане. Часамі я назіраў і чуў іхныя практыкаваньні, якія яны рабілі ў нас на двары, перад выездом на вёску. Часамі Андруша ехаў зь імі.

Часамі яны бралі з сабою папугая, прывязанага пры помачы ланцужка да клеткі. Пры клетцы знаходзілася скрыначка з карткамі і выдрукаванымі на іх аракуламі – адказам бога. I калі вясковыя людзі, зьдзіўленымі гэтакімі нештодзеннымі гасьцьмі, даведваюцца, што можна почуць пра тое, што заўтрашні дзень рыхтуе ім, тады яны зьвяртаюцца да Алтэра, а Алтэр да папугая:

– Попачка, выцягні білецік! – Попачка, пакручваючыся туды і сюды, хіліцца да скрыначкі і выцягвае або поўвыцягвае білецік. Усё гэта робіць сваё ўражаньне на прысутных.

Быў гэта сваеасаблівы сьвет. Бачым тут і попачку, і тайніцу мудрасьці, якую пры сьведках праяўляе птушка, і Алтэра, носьбіта рэчаў і зьяваў нештадзенных. Тут і аракулы, і Хайка, якая можа прадказваць непрадказанае дагэтуль, і варажба, і кліентэля, вякамі адпаведна падрыхтованая, і адхіленьне заслоны, якая дзеліць людзей ад іхнае будучыні. Коратка – сьвет чараў, ілюзыі, безабаснаваных спадзеяў і, перад усім – забабону і ашуканства.

Супроць нас праз вуліцу жыла жыдоўская сям'я: Гэрцык, ягоная жонка Шэйна і двое малых дзяцей. Якісьці час жыла зь імі іншая сям'я: Лейзар з жонкаю і маленькі хлопчык – Янкеле. Лейзар худы і змораны, працаваў з канём і возам; перавозіў ён пераважна з бойні зарэзанае быдла далей на апрацоўку і на яткі. Калі пад вечар вяртаўся ён да хаты, спатыкае яго ягоная жонка, гэтаксама маладая дробная і занядбаная беднасьцю. На руках у яе Янкеле. Яны з радасьцю спатыкаюць на вуліцы і мужа, і татэлэ. I тады бацька затрымлівае гэтаксама худога каня, бярэ зь любоўю на рукі Янкеле і садзіць яго на брудны бяз высланьня воз, запэцканы яшчэ невысахшаю добра крывёю зарэзанае жывёлы і тады, адчыніўшы шырака вароты, з вуліцы заяжджае на наш двор (дзе воз ягоны стаў праз ноч, бо ў Гэрцыка з прычыны свайго возу, ня было месца). I гэтае падарожжа з вуліпы на наш двор для Янкеле было найбольшаю радасьцю, гэтак, як і для бацькоў, бачучы шчасьлівага сына.

Людзі часта пытаюцца, колькі чалавеку патрэбна, каб чуўся ён шчасьлівым? Вось, Лейзар вяртаецца дадому з падсьведамым пачуцьцём выкананае дзеннае працы, неабходнае для ўтрыманьня свае сям'і, бачыць радасьць свае жонкі і сына, і сам радуецца, што сядзе хутка за стол, які жонка падрыхтавала і будзе шчасьлівым. Галодны чалавек ні аб чым іншым ня думае, як толькі пра хлеб. I калі ён атрымае кусок гэтага хлеба, чуецца здаволеным і радасным. Калі маленькае дзіця плача, яно плача з прычыны нечага, што дакучае яму. Але калі гэтае дзіця ўбачыць чырвоны паперак, супыняецца плач і ўсьмех радасьці паяўляецца на малым тварыку. Калі паяўляецца рэвалюцыя, хоць і мае яна на мэце шчасьце – і яшчэ болей – для людзей, але з прычыны ейнае імпульсыўнасьці з аднаго боку, і няздольнасьці тых, каторым гісторыя ўручае правядзеньне рэвалюцыі – з другога, Лейзар губіць сваю радасьць з прычыны суму свае, жонкі і плачу поўгалоднага Янкеле.

Калі адно шчасьце забівае іншае шчасьце, ці ёсьць, тады, яно шчасьцем?

Аднойчы я быў сьведкам гэтакае сцэны: Маці мая знаходзілася ў кухні. Прыйшла Шэйна нешта пазычыць. Пачалася гутарка паміж жанчынамі на актуальную ў тым часе тэму. Справа ў тым, што ў вадной з жыдоўскіх сем'яў на нашай вуліцы, дарослыя, брат і сястра зыйшліся сэксуальна і маладая дзяўчына зайшла ў цяжарнасьць. Аб гэтым гаварылася па ўсім Школішчы, і маці мая, гаворачы цяперака да суседкі, сказала:

– Як гэта магло стацца ў вас? Гэта-ж у вас усе разумныя? – I Шэйна адказала:
– Ой, Юстыначка, як дурань дык дурань, із нашых ці вашых. (Пасьля сталася ведамым, што «маладая пара» выехала ў Амэрыку).


Пра гэты кароткі дыялёг я часта ўспамінаю, асабліва калі гутарка заходзіць гэтак часта сягоньня пра роўнасьць і няроўнасьць між людзьмі аб тым, што ёсьць выбраныя Богам людзі і нявыбраныя ім, што ёсьць юбэрмэншы і ўнтэрмэншы, старшыя і малодшыя і падобнае. Я прыходжу да перакананьня, што ў нізох эвычайныя людзі думаюць проста і лягічна, ня маючы нічога з таго, каб некага ашукаць. Але на версе гэтых людзей знаходзяцца адзінкі ці малыя групы, якія праслаўляюць самых сябе і праклінаюць іншых. Даходзячы да свае гордасьці і ўльтранацыяналізму, абкідаюць балотам усіх тых, каторыя дабіваюцца да свабодаў, крычаць: Ага! вось яны нацыяналістыя! Забіць іх, вывезьці іх туды, дзе-б яны і сьвету не пабачалі! I гэтак рэч маецца ў палітыцы як і ў царкоўніцтве рознага толку. Гэтыя людзі, разумныя і хітрыя сафістыя натужваюцца давесьці, што чорнае ёсьць белым і, наадварот – белае – чорным. Згэтуль хранічны закалот і сваркі між людзьмі і войны між народамі.

***

Калі гутарка ідзе пра гэтто, званае Школішчам, не магчыма ня ўспомніць пра Зуся Залмана. Залман быў у сярэднім веку, меў жонку Малку і двое дзяцей – дзяўчынку Басю каля гадоў сямі і меншага сына – Лыпу каля чатырох гадоў. Сям'я жыла на Бычковай вуліцы ў маленькай, трэйцяй ад нашага дому, хатцы. Наагул сям'я трымалася здалёк ад вонкавага сьвету. Малка зусім не паказвалася на вуліцы. Залман рана выходзіў некуды і вяртаўся вечарам. Пазьней быў ён ведамы сярод нас, як мэклер – чалавек, які ведае гандлёвае жыцьцё места і пасярэднічае паміж купцом і прадаўцом. Праз яго можна было купіць і дастаць усё, што толькі магчымым было ў нашым месьце.

Пасьля выбуху рэвалюцыі, якая пачала прыймаць што-раз вастрэйшыя хвормы, аднойчы нікога ня было відаць каля Залманавае хаты. Значыцца выйшлі некуды. Але яны ніколі не вярнуліся. Пасьля толькі разыйшлася чутка, што Залман з сям'ёю выехаў у Амэрыку.

Мой дзіцячы сьвет з найранейшае пары засяроджваўся на доме, двары, Бычковай вуліцы і на шырокім полі, якое распасьціралася на поўнач ад нас. Тадышняе дзіцячае паняцьце вуліцы, паложанае на самым скраю места – гэта нешта іншае ад таго, якое я разумею сягоньня. Нашая вуліца тады выдавалася мне нібы другім дваром або працягам першага, на які выходзілі ўсе двары нашых сваякоў як і суседзьдзяў, што жылі ўсе супольным і блізкім сабе жыцьцём. Часамі толькі праяжджала хвурманка таго ці іншага суседа, каторы працаваў з канём або сялянскі воз з дровамі.

Зь дзіцячага пэрыяду гэтае пары глыбака ў душы, па сягоньняшні дзень, астаўся сьлед усіх перажываньняў, што вязаліся з вобразам нашага прыместнага поля. Перш распасьціраўся перад намі луг. Належаў ён праўдападобна да сялянаў і ляжаў навакол вытокаў і крыніцаў Бычка. I гэта ня быў проста адзін з лугоў, якія пазьней у жыцьці даводзілася мне бачыць. Гэта быў натуральны красачны кілім, на якім відны былі рознароднага колеру і хвормы кветкі, пахнючыя і вабячыя нас дзяцей да сябе. Гэтак выглядала наша беларуская тут зямля. Вось гэта і была адна з прычынаў, чаму наш паэт Адам Міцкевіч, каторы тварыў па-польску, жывучы далёка ад родных палетак і лугоў, тужыў па іх і остэнтацыйна прыпамінаў нам, ягоным суродзічам, сваім калегам польскага паходжаньня, як і расейцам і цэламу сьвету, што

Літва! Бацькаўшчына мая!

А ў небе? У небе неспасьцярожная для людзкага вока знаходзілася аркестра найболей далікатнае і найболей нябеснае мэлёдыйнае сымфоніі, якая стаяла ў сонечным і блакітным паветры, тварцамі і выканальнікамі якое былі нашыя беларускія жаўранкі – птушкі Неба. Калі сягоньня я ўспамінаю пра гэту сымфонію, я дзіўлюся, што пазьней усюды, дзе мне давялося жыць – у тым ці іншым краю, на тым ці іншым кантынэнце – я ніколі ня бачыў жаўранка і ніколі ня чуў гэтакае нябеснае мэлёдыі, якую я чуў і перажываў у дзіцячых гадох на Беларускай Зямлі.

Нічога затым дзіўнага, што кажны, хто-колечы толькі здабудзе магчымасьць забраць гэтую зямлю, чэпіцца да яе рукамі і зубамі і ніяк дабравольна ня хоча аддаць яе праўнаму і натуральнаму ўласьніку.

Жыцьцё дома плыло паводля аддаўна ўстаноўленага звычаю і парадку. Царкву многія з нас адведвалі рэгулярна. Але, калі-б я хацеў што-небудзь пазытыўнае сказаць пра суадносіны царквы да людзей і наадварот, я ня маю нічога асабліва сказаць. Праўда, усім нашым рэлігійным патрэбам (калі слова «рэлігійным» зьяўляецца тут адпаведным) царква ішла на сустрэчу. Але гэтыя патрэбы (хрышчэньне, для прыкладу, вясельле, паховіны) былі, сказаў-бы, мэханічнымі і ня мелі большага ўплыву на палітычнае ці асьветна-эканамічнае або сацыяльнае жыцьцё. Ёсьць рэчаю асабліва характэрнаю, што на працягу ўсяго свайго жыцьця ў Слуцку я ніколі ня чуў у літургіі ці пропаведзі ані воднага беларускага слова. Ніколі ня чуў што-небудзь пра Беларусь ці Літву або беларускасьць. Сягоньня я пытаюся: Дзе ляжыць адказнасьць за гэтакі стан рэчаў?

Маці заўсёды падтрымлівала рэлігійнае жыцьцё дома. Калі яна не магла зь якіх-небудзь прычынаў ісьці са мною ў царкву, яна высылала мяне аднаго.

Аднойчы яна пасылала мяне ў царкву і, калі я не праяўляў вялікае ахвоты, яна сказала, каб я ўзяў з сабою Пракопа і пайшлі разам.

– Вось табе дзьве капейкі, – сказала яна, – адну паложыш на адну талерку, а другую – на другую. Часта ў часе царкоўнага збору не з адною талеркаю абыходзілі, але зь дзьвюма а то і з трыма.

У Слуцку ў тыя часы быў у цэнтры места вялікі магазын, званы магазынам Гаховіча, у якім прадаваліся розныя салодкія вырабы. Цукеркі былі розных відаў у розных колерах, разьмешчаныя ў розных каробках і начыньнях і, натуральна ў розных цэнах. Асабліва выглядалі прыгожа і прынадна цукеркі ў двух вялікіх вокнах.

Цяперака, ідучы разам з Пракопам, мы затрымаліся каля вітрынаў магазыну Гаховіча. У кішэні ў руцэ я трымаў дзьве капейкі.

Мы зайшлі ў магазын. Маладая жанчына, прыгожа і чыста апранутая, запыталася ў нас што мы хочам. Даведаўшыся аб тым, якую суму грошай мы маем, яна са шклянага начыньня выбрала пару цукеркаў для нас, за якія я заплаціў цэлую капейку.

Гэтак з пачуцьцём салодкасьці ў роце, пайшлі мы далей у царкву. Тут адну і апошнюю капейку палажыў я на талерку.

Гэткім спосабам усе мы асталіся здаволенымі. Маці была здаволенаю, што выслала сына ў царкву, дый не з пустымі рукамі. Дзеці мелі радасьць, што мелі па цукерку і выканалі, хоць часткава, тое, што спадзяваліся ад іх дарослыя. Гаховіч меў, хоць і не вялікі свой даход у краме, але ўсё-ж даход, бо, бачыце, адзін рубель без аднае капейкі ня быдзе рублём; ба, нават і сто рублёў бяз гэтае капейкі ня будуць сто рублямі. I царква асталася здаволенаю, бо-ж прадстаўнікі надыходзячага пакаленьня былі прысутнымі і нават з дарам для яе. А Госпад Бог? – Госпад Бог гэтаксама не пагневаецца на нас, бо-ж Ён і Мудры, і Добры. Ён, магчыма, нават і ўсьміхаўся ў сваей дабрыні зь Нябесных высотаў, бачучы, як чалавек, яшчэ ў дзіцячым веку, а ўжо стараецца перахітрыць Яго.

Калі ідзе пра жыцьцё, у якім выступаюць радасьці і сумы, праблемы і іхнае разьвязаньне, тады царква быццам не існавала. Дый нават сам народ быў у гэтым дачыненьні нясьведамы. Паняцьце важнасьці навукі і асьветы было прытупленым. Адносна самапомачы – ніхто з нас нават ня чуў гэтакага слова. Кажны жыў сваім жыцьцём. Калі каго спаткала гора, праўдзівае гора, яму нават і ў голаву не прыходзіла, што зь ім ён можа пайсьці да свае Мамы – да Царквы і там пачуць добрае слова з працягнутаю рукою помачы.

Мне прыпамінаецца адно здарэньне з цыклю апавяданага.

На адной з вуліц на Школішчы быў публічны дом. Трымалі яго Пятрок і Манька Яновічы. Аднойчы здарылася зь Петраком тое, што здараецца з кажным чалавекам – ён памер. Здарылася, што ў той дзень, калі яго хавалі, я знайшоўся на той вуліцы і, бачучы сход народу, праплішчыўся праз людзей у дом і пакой, дзе ляжаў памершы. У пакоі нічога ня было апрача нябожчыка ў труне. Плошча пакою была ў хворме невялічкае квадратуры з шчыльна запертымі вокнамі. Людзей зыходзілася сюды болей і болей. У паветры стаяў смурод і нязносная задуха ў часе летняга месяцу ў малым пакойчыку і бітком набітага народам. Тоўсты Пятрок ляжаў непарушна, як непарушна ляжаць толькі нябожчыкі. На ягоным твары і на шыі відны былі ні то паложаныя, ні то прыліпшыя белыя камякі ваты.

Раптам праціснуліся наперад сьвяшчэньнік зь дзіяканам у поўным аблячэньні і з кадзілам, і хор іхны схвармаваўся і стануў на правым баку ад іх. Пачалася заўпакойная служба. Да ўсяго гэтага маральнага і фізычнага смуроду дайшоў дым з кадзіла. Ня трывала гэта доўга.

Тады першы раз зьявілася ў мяне крытычная думка.

Я быў ужо сьведкам многіх сьмерцяў і паховінаў на нашай Бычковай вуліцы. Я бачыў як мой брат памер. Памер мой дзед па матцы. Памер мой дзядзька Сяргэй Гузік – муж сястры мае маці. Памерла Раіна ў доме, што стаяў тут-жа на мяжы нашае ўласнасьці. Пры ўсіх гэтых выпадках сьмерці і паховінах, ніколі ніякі сьвяшчэньнік ня прыходзіў у дом. Людзі без ніякага адпяваньня ці малітвы, проста бралі труну на плечы і несьлі ў напрамку дарогі, што вяла ў Лушнікі, стуль павярталі налева на Шашу і Шашою кіраваліся на могілкі. I толькі тут, на рагу Шашы і вуліцы, званае Кладбішчанскаю, што вяла проста на могілкі, спатыкаў нябожчыка сьвяшчэньнік апрануты ў епітрахіль і праводзіў на могілкі, дзе перад засыпаньнем труны завяршаў кароткую малітву, за якую хто-небудзь з прысутных усоўваў, або і не усоўваў, у руку сьветару медную манэту.

Да нас у хату сьвяшчэньнікі ня прыходзілі, нічога ўжо ня кажучы пра дзіякана ды яшчэ з хорам. Але туды, у публічны дом, дзе здабываліся грошы ў гандлі жывым таварам – павалілі ўсе, і духоўныя людзі, і пеўчыя.

Усе дастойнікі царквы жылі жыцьцём годным іхнай годнасьці, гэта значыць, што ніхто і ні ў чым ім не перашкаджае. Помач толькі праяўлялася тады, калі дастойнік выходзіў пасьля богаслужбы з царквы і абдорваў дробнымі медзякамі жабракоў, каторыя сядзелі ў два рады пры выхадзе з царквы. Але тым, каб дыскутаваць прычыны жабрацтва і шуканьня аздараўленьня сацыяльнага – гэта – нават сама прапазыка падобнага занятку – сьмешнаю выдавалася-б.

Эвангеле? – Слова гэтае чулі людзі, але што яно значыць, скуль і дзеля чаго яно ўзялося, нікому нават на думку ня прыходзіла, каб запытаць. У царкве эвангеле чыталася, але яно, у хворме абрадавай, чыталася нарасьпеў. Чытаньне гэткае было прыгожым і мілагучным, але да думаньня яно не заклікала.

Пропаведзь, як гэткая, у царкве, ведама выступала, але яна не патрымлівалася да такое ступені, каб прыпамінала сабою першапачаткавае зьявішча ў першай царкве з перадстагодзьзяў, у якой, пачынаючы ўжо яе Закладчыкам, сталася фундамэнтальнаю для Навукі і Веры.

Дэфініцыю эвангеля можна ўняць, як Добрая вестка і Апавяшчэньне добрае весткі. Добрая вестка – гэта запіс яе на адносна трывалкім матэрыяле. Запіс мае быць чытаным, а працэс чытаньня – гэта адпаведная камбінацыя пэўных элемэнтаў, званых буквамі або літарамі. I тут даходзім да сутнасьці рэчы, якую маю на ўвазе. Народ у сваей пераважаючай большасьці ня ведаў успомнутых элемэнтаў, а згэтуль ня мог чытаць і, калі ня мог чытаць – ня меў магчымасьці пазнаць праўды і рэалізаваць яе ў сваім штодзенным жыцьці.

Дзіўнае зьявішча: Першы раз і то шмат пазьней, бо ў 1939 годзе восеньню, калі Вільня знаходзілася ўжо ў сфэры савецкіх уплываў, прыяжджаў тады, – я думаю зь Ленінграду, – Архірэй і, у Сьвятадухаўскім манастыры, я чуў ягоную пропаведзь, абапертую на зьмесьце таго эвангеля, якое калісьці прапаведваў Хрыстос. Япіскап заахвочваў сваіх слухачоў выконваць гэтае эвангеле ў штодзенным жыцьці, бо, казаў ён, толькі выконванае яно і ёсьць эвангелем. Гэтак, як і Ісус з Назарэту казаў: «Ня ўсякі, хто кажа Мне Госпадзе! Госпадзе!, увойдзе ў царства Нябеснае, але той, хто выпаўняе волю Айца Майго, што ў Нябёсах».

Духовае нашае жыцьцё канцэнтравалася пераважна пры царкве. Дый дзе-ж можна было інакш засяродзіцца? Школа ў месьце была, але яна ня была для нас, што найменей гэтак думалі людзі на Школішчы. Часамі рабіліся сцэнічныя прадстаўленьні для дзяцей у Камерчаскім вучылішчы. I гэта ўсё.

Калі людзі не працавалі ў нядзелю, дзень выдаваўся за доўгі. Ішлі ў царкву. Тут чулі, бачылі і сябе паказвалі. Царкоўныя службы наагул былі ўсе падобныя адна да аднае. Тут вытварыўся векавы звычай. У царкве людзі паводля старажытна-грэцкага звычаю стаялі. А гэта затым, што «паганскія» грэкі не хацелі хіліцца нават перад багамі. Мужчыны стаялі на правым баку, а жанчыны – на левым. Навакол царкоўнага будынку знаходзіўся двор, званы цьвінтаром. Тут пры адпаведнай пагодзе сьвяціла сонца, было цёпла. Можна было спаткацца са знаёмымі ці сваякамі, пагаварыць і закурыць. I дзіўна-паганы звычай укараніўся: Калі ў часе абедні, у вадпаведным месцы, вызначаным у літургіі, выходзіў наперад сьвяшчэньнік з тым, каб сказаць да народу пропаведзь і перад словам пропаведзі скажа голасна: Во імя Атца і Сына, і Сьвятога Духа, як зараз-жа пачынаецца шорах з прычыны соўваньня чаравікамі і ботамі па падлозе. Адны, каторыя хочуць паслухаць што будзе гаварыць сьвяшчэньнік, на ўсёй царкоўнай падлозе падсоўваюцца бліжэй да месца, на якім знаходзіцца прапаведнік, а іншыя, каторыя ня хочуць яго слухаць, пачынаюць гэтаксама са сваіх месцаў шоргацца ў напрамку выхаду з царквы. Гэты рух, гэтае шорганьне і паўза, у якой чакае прапаведнік, я ня ведаю чаму, заўсёды будзілі ў мяне нейкі нясмак.

Калі маем на ўвазе царкву як гэткую, дык зьявішча гэтае ёсьць чыста лёкальнае. У самой Грэцыі, дзе з першапачатку крысталізаваўся хрысьціянскі абрад, творачы традыцыю і звычаі, у гэтым дачыненьні рэч прадстаўляецца дыямэтральна інакш.

У Злучаных Штатах, дзе я меў нагоду бываць на абеднях у грэцкіх прыходах, прыхаджане і госьці паводзяць сябе інакш. Здаралася, калі я, жывучыў Сыракузах (штат Нью Ёрк), прыходзіў на абедню пару мінютаў спозьнена, на цьвінтары нікога ня было відаць. Усе тыя, каторыя прыйшлі ў царкву, ужо знаходзіліся ў царкве, ад пачатку і да канца літургіі. Для дзяцей рознага веку былі вызначаныя рады лавак. Усё насіла характар парадку і самадысцыпліны. У Саўт Рывэры, для прыкладу, дзе нашыя людзі пабудавалі новую і прыгожую царкву, прывычка выходжаньня ў часе богаслужбы на цьвінтар і гутаркі там, была перавезена з бацькаўшчыны. Гэтае самае бачыў я і ў царкве ў Кліўляндзе… Грэкі ў сваіх цэрквах у Амэрыцы сядзяць на адумысных для гэтае мэты пабудованых лавах. Гэтае самае бачыў я сярод грэкаў і ў Гэйнсвільл, хоць што праўда тут багаслужбы адбываліся ў унівэрсытэцкай мэтадыстычнай сьвятыні.

Характэрна, што ў выдадзеным у хворме малой кніжыцы тэксьце Літургіі, у грэцкай і ангельскай мове, гаворыцца: «Арыстотэлес кажа пра літургіі для багоў». Тут г.зв. сьвет паганскі зыходзіцца з хрысьціянскім – зьява, якое нашыя хрысьціяне баяцца.

У царкве ў Сыракузах (Нью Ёрк), кажны раз я чуў у часе літургіі кароткую песьню, выконваную хорам, вясёлага і скочнага жанру, якое аналёгіяю можа быць наша беларуская:

Усюды песьня та сама –
Дый малітва ў нас адна,
Дый Хрыстос усім аднак,
Хто з Хрыстом, той нам сваяк!

2 разы:     Ай, так-так, ай так-так,
                   Хто з Хрыстом, той нам сваяк!

Трэба тут дадаць, што ў часе грэцкае абедні ў Гэйнсвільл песьні гэтакае не пяюць.

Усе царкоўныя сьвяты ў нас сьвяткаваліся. Было іх некалькі. Зь іх найбольшае – гэта Вялікдзень.

Слова Каляды (з грэцкага – клікаць) у нас дома ніколі не ўжывалася, аднак выражэньне, як «мароз прыходзіць куцьцю есьці», было чутно сярод нас. Адам Варлыга кажа, што «Сьвята Каляды належыць да ліку самых старэйшых нашых сьвятаў». Я думаю, што сьвята гэтае наагул зьяўляецца старым першым сьвятам сярод усіх народаў на сьвеце. I гэта з тае прычыны, што тое, што вяжацца з гэтым сьвятам, пайменна, СОНЦА, маніфэставала сябе перад усімі людзьмі сьвету асабліва перад земляробам, як крыніца выжывеньня, фізычнага разьвіцьця чалавека наагул, і ягонага прагрэсу на дарозе да жыцьця і шчасьця.

Каляды або, як пераважна ў нас называна, Раждзество Хрыстова, заўсёды прыпадала на 25 сьнежня. Да гэтага сьвята рыхтаваліся загадзя. У цэнтры гэтае падрыхтовы знаходзілася заколеньне сьвіньні або кабана. Каляды трэба спаткаць зь мясам, дый мяса патрэбна ў хаце бадай-што кажны дзень, асабліва зімою. З паняцьцем Калядаў вяжацца пара Новага Году – сонца, дзень, ноч. Тут адбываюцца вялікія зьмены ў Натуры, якія маюць рашаючы ўплыў на памыснасьць чалавека. Канчаецца гэты сэзон сьвятам Вадохрышча або Хрышчэньнем, як у нас казалі.

Вялікдзень пачынаўся заўсёды перадвялікодным тыднем, а фактычна Чыстым чацьвяргом. Вечарам гэтага дня пачыналася ўрачыстая вячэрня, у часе якое чыталася дзьвянаццаць эвангеляў пры ўдзеле лічнага духавенства з удзелам хору з запаленымі сьвечкамі ў рукох. Пасьля вячэрні спажывалася дома вячэра, якая заўсёды насіла характар рэлігійны. Пасьля гэтае вячэры маці, пераважна, чацьвергавала, г. зн., што пасьля спажыцьця гэтае вячэры маці нічога ня ела аж да разговінаў раніцаю на Вялікдзень.

Вялікдзень або Вялікі Дзень – быў вялікім сьвятам радасьці. Радасьць гэтая выплывала са шматлікіх крыніцаў: Перад усім – вясна. Вясна пасьля зімы – гэта сіла і надзея лепшага заўтрашняга дня, дня цёплага і даўжэйшага. Днём гэтым закраналася думка чыста філязафічная, якая вязалася з паняцьцем жыцьця, дый ня толькі жыцьця – вечнага жыцьця. Гэта сьвята вялікае праблемы, праблемы жыцьцёвае ў тым сэнсе, што ідэалістычнае разьвязаньне праблемы стварала аснову да радаснага жыцьця. Гэта-ж падумаць толькі – Хрыстос Уваскрос! – Хай сабе мы цьмяна ўяўляем сабе гэтае здарэньне, але яно стаецца апораю духа, маральнасьці і радасьці! Гэта факт. Бо і тыя, каторыя падходзяць нэгатыўна, не зьяўляюцца ў стане асягнуць радасьці жыцьця або пераказаць радасьць наступаючым па іх пакаленьням.

– Як гэта? – ужо даўно перад намі пытаўся філёзаф, – усе людзі хварэюць, усе людзі старэюцца, усе паміраюць, – як-жа могуць людзі жыць, ведаючы, што кажную хвіліну яны могуць захварэць, што з кажнаю гадзінаю яны старэюцца, губячы від, і трацячы сілы, і, апрача гэтага, ведаюць, што кажную хвіліну могуць памерці, напэўна памруць раней ці пазьней. Як-жаж можна з чаго-небудзь цешыцца, што-небудзь рабіць, як-жаж жыць, ведаючы гэта?

Вялікі Дзень, у якім краснае яйцо зьяўляецца сымбалем прысутнага і вечнага жыцьця, толькі ў гэтым дню трызвон з усіх сьвятыняў весьціць на ўвесь сьвет аб прысутнасьці вялікае радасьці, якая вяжацца з паняцьцем вечнага жыцьця!

Як хвор ды бедзен, я сам лячуся, я – чараўнік! кажа паэта. У нас на Школішчы ўсяго бывала, але чараўнікі ці чараўніцы не спатыкаліся. Затое кажны сам сабе быў лекарам.

Ішлі мы аднойчы праз поле групаю хлапцоў, разам з Мішам Калінікам, хлапцом гадоў пад васемнаццаць з суседняй з намі сям'і. Раптам ні з таго ні з сяго пачуў я боль у ступені правае нагі і ўбачыў кроў. I калі я ня мог ісьці, Міша ўзяў мане на рукі і прынёс дахаты. Усе закраталіся.

– Вось тут сарвеце трэпетнік, – нехта сказаў, – дайце сюды!

Памятаю, сарваны тут-жа трэпетнік прыклалі да раны. Назаўтра быў я ўжо здаровы.

Іншае здарэньне:

Да нас у хату часта прыходзіла дзяўчына зь імем Аніся. Гэтак яе звалі. Мы разам гралі ў воза зь ёю, разам дурэлі, разам жартавалі зь яе. Аднойчы, памятою, калі Аніся мела сесьці на крэсла, Паўлюша, здаецца, хутка адставіў на бок крэсла і Аніся села-б проста на падлогу, калі-б ня тое, што Паўлюша падхапіў яе ў рукі. Быў сьмех і без абразы для каго-небудзь з прысутных. – Ведама, жарты.

Аднойчы здарылася, што мая маці, каторая ніколі ў жыцьці не хварэла, занемагла на нейкую высыпку на твары. У хаце ўсе засумавалі.

– Паклічце Анісю, – сказала маці, – Анісю.
– Анісю? – думаў я. – Анісю? Пры чым тут Аніся? Што яна можа зрабіць?

Хутка пасьля гэтага прыйшла Аніся. Яна паглядзела, пакруцілася па хаце. Падыйшла бліжэй да ложка, да мамы і пачала малітву. Але яна так малілася, што я падумаў, што яна ня ведае малітвы «Ойча наш». Пятае праз дзесятае, відаць было, што яна ня ўмее ані чытаць, ані пісаць.

Пасьля гэтакае малітвы Аніся памазала твар мамы алеем. Я думаю, што гэта мог быць льняны або канапляны алей. Пасьля гэтага пасыпала твар мукою. Магчыма была гэта картапляная мука, бо нічога іншага падобнага да гэтага ня было ў хаце. Зрабіўшы гэта, яна сказала, каб маці асталася сем дзён уложку і каб праз гэтыя сем дзён ня мыла твару. Сказаўшы гэта яна пайшла.

Быў гэта найболей доўгі тыдзень для нас. Нарэшце прышоў той сёмы дзень. Маці ўстала і ня было відаць якое-небудзь прыкметы, што твар гэты яшчэ ўчора быў хворы.

Пасьля гэтага аздараўленьня, праведзенага гэтакай слабенькай фізычна і малою дзяўчынаю, якой можна даць дзьвянаццаць гадоў а мо і дваццаць ці сорак, каторая ня ведае звычайнае малітвы добра, я часта думаў і сягоньня яшчэ думаю, скуль у яе праўдзіва лекарская веда? Сягоньня я спасьцерагаю, што лекары перасьцерагаюць гэты самы сямідзенны цыкль у лячэньні; пры некаторых дэрматолягічных хваробах яны таксама загадваюць не мачыць хворых месцаў і не здымаць масьці ці нечага падобнага на працягу пэўнага часу, і гэтым часам пераважна ёсьць сем дзён.

Калі я чытаю аб тым, як калісьці Парацэльсус абяжджаў Літву, я шкадую, што ён не спаткаўся з нашаю Анісяю, ён мог-бы ўзбагаціць сваё мэдычнае мастацтва.

Аднойчы, было гэта ўжо ў часе вайны, даў мне нехта з хлапцоў маленькі друк у хворме лістка, зложанага на два і гэтым чатыры бачыны друку. У сярэдзіне тэксту відна была бочка з панабіванымі гваздамі, вастрыё якіх знаходзілася ў сярэдзіне бочкі. У тэксьце да ілюстрацыі гаварылася, што ў гэтай бочцы жыды замучылі на сьмерць хлапца з прозьвішчам Ляшчынскі і што кроў, якая сплывала ў бочку, ужывалася жыдамі на мацу. Наколькі я сягоньня прыпамінаю сабе, друкаваўся лісток у Сьвята-Сяргееўскай Лаўры. Я чытаў гэты друк, бачыў у сваім уяўленьні жыдоў, іхнае жыцьцё і ніяк ня мог паверыць, каб усё, што там было напісана, адказвала праўдзе.

Бадай-што кажны год на Пэйсах прыносілі нам суседзі мацу, і мы елі. Адзінае, што пра мацу можна сказаць, што яна сухая, чуецца смак мукі і без якіх-небудэь прыправаў.

Гучыць гэта магчыма непраўдападобна, але ёсьць гэта запраўднасьць. Некаторыя ўрачыстасьці ці, магчыма сьлед іх яшчэ з часоў перад хрысьціянскіх, абыходзілі мы яшчэ перад Першаю сусьветнаю вайною.

Аднойчы маці сказала да прысутных у хаце, што цяперака пойдзем на поле расаваць. Сабраліся і пайшлі. Узялі і мяне з сабою. Прыйшлі мы ўсе на поле. Была вясна, яшчэ чуўся халадок у паветры. Зь зямлі цягнула вільгацьцю. Разаслалі на траве шырокае накрыцьце. Паставілі ў сярэдзіне яду. Елі, пілі, гаварылі. Нічога ня было з таго, што можна было-б назваць малітваю ці зваротам да нейкіх сілаў ці якіх-небудзь багоў. Пасьля якое гадзіны часу вярнуліся дадому. Характэрна, што вось гэты выхад на поле, спажыце еміны і пры гэтым выражэньне «расаваць», чыніць на мяне ўражаньне, што яшчэ ў маім дзіцячым веку я прыймаў удзел у нейкім перадхрысьціянскім сьвяце, якое было ўжо ў вапошняй стадыі свайго заміраньня.

На Купалу, у дню цёплага месяцу, нехта ў хаце прыпомніў, што трэба ісьці на двор і скакаць праз вагонь. Але раскладаць агонь летам сярод хатаў у сонечны дзень ня можна, затым раілі нам, дзяцям, каб мы замест полымя прывязялі да калка, убітага ў зямлю, добрую і высокую вязанку крапівы. I гэтак мы зрабілі і, з разгону, скакалі праз «агонь» гэтак высака, як толькі маглі. Было гэта перад Першаю сусьветнаю вайною. I гэта паказвала на тое, што Сьвята Купальля ўжо хілілася да свайго забыцьця. Можна толькі меркаваць, як добрыя і простыя людзі ўмелі цешыцца і радавацца жыцьцём на лоне Натуры.

Трэба на гэтым месцы прыкляснуць беларускім студэнтам у сучаснай Польшы з прычыны іхнага замеру аднавіць наша сівое Сьвята, якое мае ўсе дадзеныя стацца Беларускім Нацыянальным Сьвятам.

Натуральна, я не патрабую многа прыпамінаць, каб сказаць, што ў нас абыходжана сьвята Дзядоў. Сьвята гэтае вось гэтак і называлі, не дабаўляючы ніякіх іншых зродненых прыметнікаў ужо з павеваў новага жыцьця.

 

Тэкст падрыхтавалі:
Анатоль ЖУК і Уладзімір ХВОРАЎ



 



Назад
Комментариев: 0

Оставьте комментарий :

Имя (требуется)
E-mail (не публикуется) (требуется)
Защитный код:

 
Посещений: 1542. Последнее 2020-08-04 13:12:00
©Наследие слуцкого края
2012 все права защищены

При использовании материалов сайта ссылка на
«Наследие слуцкого края» и авторов обязательна
Слуцкий район, д. Весея, ул. Центральная, 9А
тел./факс (01795) 2-36-20
boikoauto@tut.by